Новости проекта
Обязательно к прочтению
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Куды запрашае Петрыкаўшчына?..(Па інфармацыі аддзела спорту і турызму райвыканкама.)

Дата: 9 ноября 2020 в 12:45, Обновлено 9 ноября 2020 в 12:47
134 просмотра

Каўпак Гара – адно з тых месцаў, пра якое можна сказаць: чулі ўсе, але быў там далёка не кожны. Адметныя гэтыя мясціны па мностве прычын. З геаграфічнага пункту гледжання, гэта самая высокая кропка раёна. Некаторыя нават запэўніваюць, што ў яснае надвор’е ноччу з гары відаць святло Мазыра. Не ведаю, ці праўда гэта, але відовішча з гары сапраўды шыкоўнае.Аматары ціхага палявання таксама аблюбавалі гэтыя мясціны. Калі ведаць запаветныя сцежкі, лес абавязкова ўзнагародзіць чалавека грыбамі, але самай істотнай прычынай наведвання ўрочышча з’яўляецца Святая Крыніца. Зараз тут пастаўлены калодзеж, зроблена акуратная купель і пабудавана каплічка, уваход у якую заўсёды адкрыты для вернікаў.
Здавалася б, звычайная ваколіца простай палескай вёсачкі, а колькі цікавага. Сёння мы прапануем вам даведацца як ператварыць звычайны выхадны дзень у падарожжа, як пазнаёміцца з новымі адметнымі мясцінамі Петрыкаўшчыны і да цямна вярнуцца дадому.

Прайшоў час летняга адпачынку, скончыўся аграрны сезон і таму баўленне вольнага часу на ўлонні прыроды адышло на другі план. Зразумела, многія землякі выбіраюцца ў грыбы, але і гэты промысел па волі надвор’я хутка ператворыцца ва ўспаміны. З цягам часу дні пачынаюць быць падобнымі адзін на другі, а напярэдадні адпачынку нічога акрамя прагляду фільма ці паходу да блізкіх у галаву не прыходзіць. А стварыць для сябе цікавы і карысны ўікенд не складана. Ёсць жаданне? Паехалі!

У васьмі кіламетрах ад Петрыкава, у вёсцы Навасёлкі, знаходзіцца філіял Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея “Сядзіба Дзеда Талаша”. Тут вы будзеце мець магчымасць не толькі пазнаёміцца з вехамі біяграфіі славутага земляка, але і дакрануцца да гісторыі нашых продкаў – традыцыйнага быту палескіх сялян.

Любіце лазню, юшку і шашлыкі, але падрыхтоўка да такога ўікенду патрабуе шмат часу? У жыхароў і гасцей раёна ёсць цудоўная магчымасць арганізаваць такі адпачынак на аграсядзібе, якіх у раёне налічваецца ажно 19.
Экстрымалам і аматарам ваеннай гісторыі прапануем наведаць аб’ект “Лініі Сталіна”, што знаходзіцца ў вёсцы Першая Слабодка, недалёка ад Капаткевічаў.
Не лішнім будзе дадаць у маршрут і аб’екты Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” ў Ляскавічах. Установа прапануе вялікі выбар турысцка-экскурсійных паслуг: ад трохзорнай гасцініцы да сафары-парку. Да навагодніх святаў тут адчыніць свае дзверы рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Спадзяемся, што вам спадабаюцца і новыя аб’екты “Карчма”, “Музей пад адкрытым небам” і “Хата палешука”.

Прытуліцца да прыроды можна дзякуючы аграрна-турыстычнай паляўніча-рыбалоўнай гаспадарцы “Тарака”, якая прапануе адпачынак у трох турыстычных комплексах у населеных пунктах Конкавічы, Капцэвічы і Снядзін.
Бавіць час карысна і прыемна дапаможа Петрыкаўскі лясгас, спецыялісты якога арганізуюць для вас не толькі паляванне ці рыбалку з камфортным пражываннем, але і правядуць пешыя, аўтамабільныя і водныя экскурсіі па прыгажэйшых кутках Петрыкаўшчыны.
У пошуках духоўнага абагачэння прапануем наведаць “Святую Крыніцу” і капліцу, што знаходзяцца ва ўрочышчы Каўпак Гара, бліз вёскі Чалюшчавічы. Некалькі пластоў фільтруючых парод выдатна ачышчаюць ваду. Вернікі ўпэўнены, што кожны глыток з крыніцы вяртае чалавеку моц і бадзёрасць.
Для дзяцей прапануем “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Пціч”. У экалагічна чыстым месцы тут ажыццяўляецца не толькі лячэнне і медыцынская прафілактыка, але і няблага наладжаны культурна-масавы адпачынак з мноствам экскурсій і прыгод.

Ну і, зразумела, не забывайцеся пра раённы цэнтр. Гасцям можна паказаць помнікі культавай архітэктуры ХІХ стагоддзя – Мікалаеўскую і Уваскрэсенскую цэрквы, гарадскі парк. Карысна будзе наведаць чарговыя выставы ўтульнага Петрыкаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Па інфармацыі аддзела спорту і турызму
райвыканкама.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.